ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці, праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)